КО́САЎСКІ РАССТРЭ́Л 1927 у Заходняй Беларусі,

расстрэл польск. ўладамі дэманстрацыі працоўных у г. Косава, якія выступілі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Па закліку Косаўскага райкома КПЗБ 3.2.1927 у Косава на дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому польск. ўладамі БСРГ сабралася больш за 1,5 тыс. сялян. З чырв. сцягамі і транспарантамі, на якіх былі надпісы «Вызваліць рабоча-сялянскіх дэпутатаў, вызваліць усіх палітзняволеных!», «Далоў фашысцкую дыктатуру Пілсудскага!», з рэв. песнямі дэманстранты прайшлі па вуліцах Косава, правялі мітынг. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая спрабавала яго разагнаць. Калі дэманстранты зноў рушылі па горадзе, паліцыя пачала страляць. Забіта 6 чал., некалькі дзесяткаў паранена. Пахаванне забітых вылілася ў маніфестацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і дыктатарскага рэжыму Пілсудскага.

І.П.Хаўратовіч.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)